Зброя
Уладзімір Караткевіч
Зброя
РАЗДЗЕЛ І
Нізкія — рукой дастаць — хмары пахнулі вугальным дыхам. А можа, гэта і быў дым. Яго несла, варочала, цягнула над Мікалаеўскім вакзалам, над плошчай, над вулкамі, тупікамі, над горадам, над усім светам. Варта было купляць аж у Ангельшчыне кардыф* і везці яго сюды, каб так засмуродзіць неба.
* Ангельскі (з паўднёвага Ўэльса) антрацыт высокага гатунку.
Менавіта ў такі дзень, гнілы лютаўскі дзень 1862 года, прыехаў у Маскву будучы камісар паўстанцаў Ніжняга Прыдняпроўя князь Алесь Загорскі з сябрам Мсціславам Маеўскім, старым «дзядзькам» Кірдуном (а па прозвішчы «Халява») і «дзядзькаваным» сваім братам, вольнаадпушчанікам, Кандратам Кагутом.
Дзве мэты было перад імі: закупіць патрэбную дзеля паўстання зброю і яшчэ — паспрабаваць вызваліць Кандратавага блізнюка, Андрэя, якога вось-вось павінны былі прывезці этапам з Беларусі ў Бутырскую турму.
Пажыццёвая высылка. Згадзіцца на гэта было немагчыма. Больш, чым брат. Брат па крыві — па выхаванню і думках. Брат, кінуты ў няволю за тое, што спяваў на кірмашы песню, якую напісала твая рука, прыдумаў твой мозг. Нельга было паважаць сябе, каб дапусціў, што друга, брата б'юць «на Балоце» бічом, а пасля вядуць у ланцугах Уладзімірскай дарогай.
…Не лютаўская, гнілая сыпала на горад мжычка, напалам з жоўтым снегам. Паўз снежныя горы цягнуліся праезджыя дарожкі, і на іх стаялі лужыны колеру мачы, глыбокія, ператоўчаныя са снегавой кашай.
З цягніка амаль ніхто не сышоў. Дый каму было ездзіць у такое надвор'е? Справы пачакаюць да сухіх дарог, а цяпер сядзі, браце, ля печкі.
Ля пустой рамізніцкай стаянкі яны стаялі толькі чатырох. Наперадзе, нібы чужыя, Мсціслаў з Кандратам. За імі — Алесь з Кірдуном.
— Стаў кофры, хамская морда. — У Мсціслава смяяліся вочы. — М-маеш ты ў мяне.
Ён даводзіў так Кагута ўсю дарогу… Той і цяпер толькі носам сапнуў.
У чорным паліто, у ласіных пальчатках і занадта модных чаравіках Мсціслаў быў дзіва які добры — ні даць ні ўзяць эўрапеізаваны купчык з багатых таганскіх недарасляў. Алесь толькі пасмейваўся, паглядаючы на яго.
— Да Макарыя на кірмаш едзе, сукін сын, — нібыта аб чужым, сказаў Кірдуну Алесь. — Пявічак там будзе ў шампанскім купаць, у рэдэрэры, пяць семдзесят бутэлечка. Х-хам.
У Мсціслава непрыкметна закалаціліся плечы.
— Слухай, Мсціслаў, — ужо сур'ёзна сказаў Загорскі. — Вы зараз з Кандратам паедзеце першыя. Спыніцеся ў гасцініцы «Дрэздэн», на Цвярской плошчы… Возьмеш трохпакаёвы нумар з асобным пакоем для Кандрата. Ты ж мільянер, купец.
— Чорт яго пабірай. Ніколі не думаў, што ўдаваць дрэнныя манеры так цяжка.
— Звыкнеш… А мы з Кірдуном паедзем у гандлёвы цэнтр. Спынімся там у нумарах пры «наватроіцкім» тракціры… Я адразу дашлю Кірдуна са звесткай аб нумары.
— Не разумею, нашто гэта, — сказаў Кандрат Кагут. — Адразу драбіць хаўрус.
— Я т-табе дам хаўрус, хам, — сказаў Мсціслаў. — Ведай сваё месца. Ты — слуга, а ніякі мне не хаўруснік.
— Так трэба, Кандрат, — сказаў Алесь. — Наш тракцір на Іллінцы, у самым гандлёвым цэнтры, Андрэя павязуць добра калі праз два месяцы. За гэты час я павінен наладзіць сувязі з гандлярамі… І не толькі легальнымі, а і падспуднымі, Давядзецца зведаць увесь патаемны рынак, стаць там сваім чалавекам.
— То што?
— Гэта не тое што купіць стрэльбу на дыван над ложкам, — сурова сказаў Алесь. — Нам усё ж трэба дзве тысячы стрэльбаў, столькі ж халоднай зброі, ды жалеза для паробак, ды паперы, бо ў Кастуся зрываецца справа.
— Можна было і бліжэй купіць, — сказаў Мсціслаў. — Паперу — у Добрушы, на паскевічаўскай мануфактуры. Зброю — недзе ў Польшчы ці ў Рызе.
— Угу, — іранічна сказаў Алесь. — Там, дзе сочаць… Не, брат, калі купляць, то там, дзе пра гэта і не падумаюць, у самым логаве… Нават і тут будзе небяспечна. То я вас падводзіць не буду… Калі са мной нешта здарыцца — самі вызваляйце Андрэя.
— А ты? — спытаў Кандрат.
— Я выблытаюся… Слухайце, як будзеце рабіць. Яго, вядома, прывязуць у Бутыркі. Звядзі, Мсціслаў, знаёмства з людзьмі. Пастарайся загадзя падкупіць ката, каб біў памяркоўна.
— Няўжо будзе бізун? — спытаў Кагут.
— Абавязкова будзе, Кандрат… Дык вось, з Балотнай ці Сянной плошчы іх павязуць на Рагожскую заставу, адкуль ідзе Ўладзімірка. Як толькі дакладна зведаеце, што і як, клічце хлопцаў. Пастарайцеся напасці на этап недзе недалёка за горадам… Вось, усё… Калі выявіцца, што я ўсталяваўся надзейна, што няма здрады, што за намі ніякага хваста, — я далучуся да вас. А пакуль сядзіце цішэй за мыш, не выдавайце сябе без патрэбы.
— Недзе ў Прыдняпроўі не маглі адбіць, — бурчаў Кірдун. — Жартачкі ім: на этап нападаюць.
— Дурань, — сказаў Кандрат. — Сам бачыш, якая варта да Магілева і ад яго. Рота салдат этап суправаджала. Што, напасці ды ўсіх сяброў так вось, псу пад хвост?
— У паўстанні так і будзе, — нечакана сказаў Алесь. — Сам лягу з сябрамі, а вызвалю хаця б і апошняга касінера.
— Нашто?
— А на тое. Каб людзі нічога не баяліся, каб ведалі, што сябры не кінуць на мукі. Адзін такі, упэўнены, у бойцы — чатырох варты.
Ён азірнуўся і ўбачыў старога ў янотавай футры. Стары — па выгляду купец з небагатых — цягнуўся да іх па жыжцы, валюхаючы, бо падпіхваў каленам цяжкі кофр.
— Сіленцыюм, — сказаў Алесь.
Усе змоўклі. Купец дацягнуўся да іх і з палёгкай паставіў кофр.
— Рамізнічка чакаеце?
— Але, — сказаў Загорскі.
— Адной кампаніяй?
— Не. Я вось са слугой, а яны — асобна.
— Шкада-а, — стары выціраў лоб вялізнай уціркай. — І куды ж гэта вы, дазвольце ўжо спытаць?
— Не ведаю куды, пан? — спытаў Алесь.
— У «Дрэздэн», — буркнуў Маеўскі.
— Да-с, — сказаў стары. — Праезджы, значыцца. З купцоў?
— Так, — сказаў Мсціслаў.
— Па якой камісіі?
— Футры… І закупка паркалю.
У старога быў чырвоны твар, барада клінам і хітрыя каламутна-сінія вочкі. Пачуўшы адказ Мсціслава, ён расцягнуў рот, і без таго вялікі, як шчыліна ў паштовай скрынцы.
— Са сваіх, значыцца, мужычкоў цёплае здзіраеце, каб у халоднае ды лінючае абрадзіць, — ён гаварыў па-расейску спявуча, як гаворыць маскоўскае мяшчанства.
— Не ваша, ацец мой, справа, — сказаў Мсціслаў.
Стары нібы і не чуў:
— І адкуль вы?
— Магілеўскі, — сказаў Мсціслаў.
Настала чарга Алеся.
— Мы, выяўляецца, з адных краёў, — паблажліва сказаў ён Маеўскаму. — Мяркую, калі мне спатрэбіцца, я знайду вас?
Мсціслаў падаў яму візітную картку.
— Шандура Вакх Раманавіч, — прачытаў Алесь. — Што ж, мне прыемна. Вы з падуспенскіх Шандураў?
— Нягож, — буркнуў наваяўлены Вакх.
— Вазьміце і маю, — Алесь працягнуў вяленевы прамакутнічак.
Мсціслаў прабег па ім вачыма і пакланіўся.
— Так точна, — сказаў ён. — Я да вашых паслуг. Якая камісія, прашу, вядома, дараваць?
— Мне патрэбна тры тысячы штук паркалю. Праз тры месяцы самае позняе. Няхай сабе самага таннага, але затое самых розных і яркіх, самых стракатых колераў.
— А тып? — прагна, але з прагнасцю, схаванай за крайняй павагай, спытаў Маеўскі.
— Разнатыпныя штукі, — сказаў Алесь. — Гэта не оптам.
— Зробім, — сказаў Мсціслаў. — Зробім.
Пад'ехаў рамізнік. Кандрат размясціў рэчы, дапамог Мсціславу сесці, а сам ускараскаўся на козлы.
— Зробім, — сказаў яшчэ раз Маеўскі.
Коні кранулі.
Некаторы час тыя, што засталіся, стаялі моўчкі. Усе яшчэ церушыў мокры снег, і, нягледзячы на гадзіну апоўдні, было цёмна, бы ў прысмерак.
— Бог ведае што такое. — Алесь выціраў мокры твар. — Звычайна за рукі рвуць, на часткі. Толькі і чуеш — «пажа»… «пажа…». А тут — хоць бы хто.
— А іх доўга не будзе, бацюхна, — сказаў купец.
— Што так?
— Я спраўкі навёў-с… Носаў, суконшчык з Прэабражэнскага, гуляюць з сябрамі. Узялі-с усе каліберы* з плошчы і паехалі-с. І сані ўзялі.