Хобіт, або вандроўка туды і назад
Пасля гэтых словаў хобіт адчуў, як у ім прачынаецца любоў да прыгожых, цудоўных рэчаў, зробленых рукамі ды магіяй, любоў шалёная і раўнівая, якая заўсёды жыве ў сэрцах гномаў. I прачнулася ў ім нешта хватаўскае, ён захацеў пайсці і пабачыць вялізныя горы, пачуць, як шумяць вадаспады і вецер у соснах, даследаваць пячоры ды насіць меч замест кійка.
Ён вызірнуў у вакенца. На цёмным небе над дрэвамі высыпалі зоры. Ён падумаў пра гномавы каштоўныя камяні, што ззяюць у цемры пячораў. Раптам у лесе за Вадой пыхнула полымя — напэўна, нехта запаліў вогнішча, — і ён уявіў, як шалёныя цмокі рабуюць і спальваюць Строму і ўсё наваколле, адразу задрыжэў і ператварыўся ў ранішняга спадара Торбінса з-пад Стромы.
Хобіт устаў, уздрыгваючы ўсім целам. Ён ужо амаль што вырашыў пакіравацца быццам бы прынесці лямпу, а насамрэч збегчы ў камору ды схавацца за бочкамі, пакуль усе гномы не сыдуць. Але ж музыка раптам спынілася, і ён зразумеў, што ўсе гномы глядзяць на яго. Іх вочы блішчэлі ў цемры.
— Куды ж вы збіраецеся? — сказаў Торын так, нібы адразу здагадаўся пра хобітава «быццам».
— Як наконт… крыху святла? — сказаў хобіт.
— Нам падабаецца цемра, — сказалі разам гномы. — Цемра для цьмяных спраў! Да раніцы яшчэ шмат часу.
— Зразумела, — адказаў Більба і паспяшаўся сесці. На крэсла ён не трапіў, а сеў упоцьмах на краты каміна, зачапіўшы качаргу ды шуфлік, якія пападалі на падлогу са страшэнным грукатам.
— Цішэй! — сказаў Гэндальф. — Торын кажа! I Торын пачаў прамову.
— Гэндальф, гномы і спадар Торбінс. Мы сустрэліся ў доме нашага сябра і прыспешніка, найбольш выдатнага ды дзёрзкага хобіта — няхай ніколі не выпадзе поўсць на ягоных нагах! Хвала і пашана ягонаму віну і элю! — ён спыніўся ўдыхнуць паветра, чакаючы ветлівага адказу ад хобіта, але ж камплімент наўрад ці дайшоў да Більба, які толькі варушыў вуснамі, імкнучыся запратэставаць супраць «дзёрзкага», а найболын «прыспешніка», хаця і слова не вымавіў — такі ён быў раз'юшаны. Так што Торын працягнуў:
— Сустрэліся мы, каб абмеркаваць нашыя планы, нашыя шляхі, мэты, хітрыкі і прыстасаванні. Вельмі хутка (фактычна, перад раніцою) мы пачнем нашу доўгую вандроўку — вандроўку, з якой некаторыя з нас, а, можа, і ўсе мы (зразумела, за вы-ключэннем нашага сябра і дарадцы, найсапраўднага чараўніка Гэндальфа), магчыма не вярнуцца. Безумоўна, гэта сумна. Як я разумею, наша мэта добра вядомая нам усім. Але ж для шаноўнага спадара Торбінса, і, магчыма, для аднаго ці двух маладзейшых гномаў (не памылюся, калі назаву, напрыклад, Філі і Кілі), сітуацьы на дадзены момант можа патрабаваць дакладнага тлумачэння.
Такі ўжо ў Торына быў стыль. Ён быў паважны гном. Калі б яму дазволілі, ён бы прамаўляў такім чынам да страты пры-томнасці, не сказаўшы пры гэтым нічога новага. Аднак жа яго груба перарвалі. Небарака Більба больш ужо не мог трываць. Пры словах «магчыма не вярнуцца» ён адчуў, як знутры пакрысе паўзе, набіраючы моц, лямант. Хутка лямант прарваўся вонкі — як гудок паравоза, што вылятае з тунеля. Усе гномы ўскочылі, перакуліўшы стол. Гэндальф запаліў блакітны агеньчык на канцы свайго чароўнага посаха, і ў яго няпэўным святле відаць было беднага хобіта, які стаяў на каленях на дыванку побач з камінам і дрыжэў, як халадзец на вогнішчы. Потым хобіт зваліўся ніцма на падлогу, лямантуючы: «Маланкай забіла! Маланкай забіла!» зноў і зноў. Доўгі час толькі гэта ад яго і можна было пачуць. Так што гномы паднялі яго ды паклалі на ложак у кабінеце, паставілі побач шклянку з вадой ды вярнуліся да сваіх цьмяных спраў.
— Лёгка ўзбуджаецца, — заўважыў Гэндальф, калі яны паселі зноў, — крыху прыпадачны, але ж адзін з найлепшых, верце мне, — шалёны, як цмок, якому прыціснулі хвост дзвярыма.
Калі вы хоць аднойчы бачылі цмока, якому прыціснулі хвост дзвярыма, вы разумееце, што гэта чыста паэтычнае пераболь-шанне ў дачыненні да любога хобіта, нават да пра-пра-пра-дзядзькі Старога Хвата па мянушцы Бугай-Роў, які быў такі велізарны (для хобіта), што ездзіў на кані. Ён атакаваў армію гоблінаў з гары Грам у бітве на Зялёных Палях, і драўляным дубцом збіў галаву гоблінскага караля Гальфімбуля. Галава праляцела з сотню крокаў і патрапіла дакладненька ў трусаву нару. Такім чынам, была атрьшаная перамога і адначасова вынайдзеная гульня ў гольф.
Тым часам сціплы нашчадак Бугай-Рова ачомаўся, лежачы ў кабінеце. Пачакаўшы крыху ды глынуўшы са шклянкі, ён асцярожна падкраўся да дзвярэй залі. I вось што пачуў:
— Фу, — сказаў Глойн (ці нешта вельмі падобнае да «фу»).
— Як мяркуеце, падыдзе ён? Гэндальфу лёгка казаць, што ён шалёны, як д'ябал, але ж здарыцца з ім прыпадак, дык ён пабудзіць і цмока, і ўсіх цмокавых сваячкоў ды разам і нас загубіць. Здаецца мне, жаху ў ім гучала куды болып, чым узбуджэння. Па праўдзе кажучы, калі б не знак на дзвярах, я быў бы ўпэўнены, што мы памыліліся домам. Як толькі гэты таўстун плюхнуўся на падлогу, я адразу ж засумняваўся. Ён больш да лавачніка падобны, чым да ўзломшчыка!
Акурат у гэты момант спадар Торбінс павярнуў дзвярную ручку і ступіў у залю. Хватаўскі бок раптам узяў верх. Ён па-думаў, што абышоўся б нават без мяккага ложка і снедання, каб толькі яго палічылі шалёным. А «гэты таўстун плюхнуўся на падлогу» і на самай справе зрабіла яго амаль такім. Шмат, шмат разоў потым Більба шкадаваў аб тым, што зрабіў, ды казаў сабе: «Які ж ты дурань, Більба, сам пайшоў ва ўсё гэта ды яшчэ і дзверы за сабой зачыніў…»
— Прашу прабачэння, — сказаў ён, — я выпадкова падслухаў вашую размову. Не буду рабіць выгляд, што зразумеў, пра што вы кажаце, ці тое, што вы прыгадалі «ўзломшчыка», аднак жа магу меркаваць, што вы лічыце мяне ні на што не вартым. Добра і цудоўна! Аніякага знака на дзвярах маіх няма: іх тыдзень таму зноўку пафарбавалі — і я больш чым упэўнены, што дом вы пераблыталі. Падазраваць я гэта пачаў, ледзь убачыўшы вашыя дзіўнаватыя твары. Аднак жа лічыце, што не памыліліся. Кажыце, што мне рабіць, і я паспрабую, нават калі мне давядзецца цягнуцца ў апошнюю ўсходнюю цьмутаракань ды змагацца з паўзунамі-хобітажэрцамі. У мяне быў пра-пра-пра-пра-дзядзька, Хват Бугай-Роў, які…
— Так, так, але ж было гэта шмат часу таму, — сказаў Глойн, — а я гаварыў пра вас. Запэўніваю вас: на дзвярах вашых знак быў і якраз такі, што звычайна ўжываюць у вашай прафесіі ці ўжывалі раней. «Узломшчык жадае знайсці працу, з добрай узнагародай і цікавую», — менавіта так. Зразумела, можна сказаць «эксперт-паляўнічы кляйнотаў», калі вам не падабаецца «ўзломшчык». Некаторым не падабаецца. Для нас аднолькава. Гэндальф казаў, што тут ёсць такі, хто тэрмінова шукае працу, і што ён дамовіўся пра сустрэчу ў гэтую сераду.
— Зразумела, там быў знак, — сказаў Гэндальф, — я сам яго там пакінуў. I не проста так. Вы прасілі мяне знайсці вам чатырнаццатага ўдзельніка, і я знайшоў спадара Торбінса. Ну няхай хто-небудзь скажа, што я знайшоў не таго, ці памыліўся домам, — калі ласка, ідзіце ўтрьшаццацярых, і ўсіх вам поспехаў, якія прыпадаюць на лічбу «трынаццаць». А не — дык вяртайцеся капаць вугаль.
Ён так сувора зірнуў на Глойна, што той ажно ўціснуўся глыбей у фатэлю, а калі Більба паспрабаваў адкрыць рот, то павярнуўся і так пагаядзеў, падняўшы бровы, што хобіт аж зубамі ляснуў, спяшаючыся рот закрыць.
— Цудоўна, — сказаў Гэндальф. — Не трэба больш спра-чацца. Я выбраў спадара Торбінса, і гэтага для вас для ўсіх павінна быць дастаткова. Калі я сказаў, што ён будзе ўзломшчыкам — значыць, ён узломшчык, ці будзе ім, калі час надыдзе. У ім ёсць значна больш, чым вам здаецца, і нават больш, чым ён сам сабе уяўляе. Вы мне яшчэ скажаце «дзякуй» за яго. Цяпер жа, Більба, хлопчык, прынясі-тка лямпу, зірнем сюды!
На стале ў святле вялікай лямпы з чырвонай засняй ён разаслаў кавалак пергамену, падобны да мапы.
— Яна была зробленая тваім дзедам Трорам, Торын, — адказаў чараўнік на ўзбуджаныя пытанні гномаў. — Гэта план Гары.