Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
I ранішняе ззянне вакол іхніх галоў. I заглушана-сіні, падобны на ваду ў канцы жніўня, сум, што залёг у складках іхніх хітонаў.
Андрэй амаль не чуў, што гаварыла яна. Ён толькі ведаў, што гэта вельмі добра, што гэта значна, ды яшчэ адчуў, калі яна скончыла, што яна вельмі хвалюецца, што яе плячо, павернутае да яго, дрыжыць злёгку, ці то ад знобкасці, ці то ад узбуджэння.
I тады, шкадуючы яе, ён паказаў ёй вачыма на тое месца, куды глядзелі вочы праведнікаў,
I яна зразумела яго. Удзячна ўсміхнулася.
На тым месцы леў, падобны на горнага аўчара, ляжаў поруч з гарбатым, занураным мядзведзем.
Леў быў сапраўды смешны.
— Лаяўся мастак пэўна, — сказаў Андрэй. — Адкуль яму было таго льва бачыць?
Горава аж жахнулася, узмахнула рукой:
— Што вы, што вы. Рублёў быў манах. Яны да жывапісу істава падыходзілі.
— Не веру, — сказаў Андрэй. — Не-е, такога дзіва не чакайце. Гэта каб наш чалавек, ды не лаяўся. Няхай ён нават манахам-разманахам будзе.
Памаўчаў. ІІрыбавіў:
— Але ж глядзіце, як гэты мой цёзка добра ведаў, што толькі два звяры ў свеце ходзяць спачатку дзвюма правымі нагамі, а потым дзвюма левымі.
— Што за звяры?
— Конь-інаходзец і мядзведзь… Так і намаляваў.
— Ого. А я заўсёды думала, што гэта ўмоўнасць або памылка.
Дзіўна, але Андрэй амаль бачыў, як Рублёў пісаў гэта. Ясна, ледзь не да галюцынацый.
Грынкевіч ведаў: такі стан, як у яго зараз, будзе ўвесь час абвастрацца. Ён будзе да болю выразна бачыць усё тое, аб чым будуць размаўляць людзі вакол. Гэтыя праявы будуць яскравець, будуць усё больш набываць крыві і плоці, ператворацца з думак у жывыя карціны, нават у сны.
А потым прыйдзе цяга да вершаў, такая непераадольная, што ён кіне ўсё і будзе пісаць з тым самым болем і неспраможнасцю думаць аб іншым, як жанчына, якая нараджае…
…Рублёў стаяў на рыштаваннях, сухі, зарослы лёгкай каштанавай барадой. Валасы ў яго былі падхоплены раменьчыкам. А вочы былі вельмі маладыя.
За мурамі сабора дагарала на купалах сонца, круціліся вакол іх у ружовым вячэрнім паветры стрыжы, а ў саборы цямнела, гусцелі і наплывалі цені.
У Рублёва балелі стомленыя вочы, балела шыя, пальцы зводзіла сутаргай. Святла было мала, і працаваць было нельга. Але ён не мог не працаваць. I не таму, што сохнуў тынк. Проста нельга было адкінуць шалёную прагу работы.
I тады пальцы рукi, што трымала кiсць, успыхнулi ад гэтага жадання i асветлiлi фрэску мяккiм, як апошнiя праменнi на купалах, святлом.
I вось гэтае святло засталося на скляпеннях і застанецца ў векі вякоў…
— Андрэй, — кранула яго за рукаў Ірына Сяргееўна.
— Ведаеце, — сказаў Грынкевіч, — мне здаецца, я яго бачыў.
— Я пачынаю вас баяцца, — сур'ёзна сказала яна.
…Аўтобус зноў памчаў усю кампанію. На гэты раз па гасцінцы. Да палаца князя Андрэя ў вёску Багалюбава.
— Шанцуе мне сёння на цёзак, — смяяўся Грынкевіч.
— Вы не смейцеся, — сказала яна, — зараз будзе вам, бадай што, страшнавата з вашай уразлівасцю.
— Чаго гэта, — спытаў Андрэй, — тут восемсот год таму было весела — ветразі падалі на захадзе, лёталі цюкі з шоўкам, бачонкі з сонечным віном. Людзі сабе ў лугах лебедзяў стралялі. Чаго ім было не жыць?
— Куды ўжо весялей, — iранiчна сказала яна, — крамола, нашэсцi, мячы. Татары пад мурамi.
Падумала:
— I ўсё ж нічога. Яны тады толькі пачыналі думаць, і ім гэта, напэўна, падабалася.
— Яны, мне здаецца, шырэйшымі былі па натуры, больш памяркоўнымі. А потым пачалася татаршчына і ламанне хрыбтоў.
— Ну, ламання хрыбтоў і тады было досыць… I заўсёды. Багалюбава страшнае не гэтым. Справа ў тым, што тут усё ў мінулым. I яшчэ тое страшна, што тут мастацтва гарэла цьмяна, жудасным нейкім святлом.
— Чаму? — спытаў Вайвадс.
— Таму што фарбы не размешваюць на крыві…
Яны выйшлі з аўтобуса. Нехта пайшоў за вартаўніком, які павінен быў адамкнуць палац. Ад палаца засталася толькі вежа ды яшчэ галерэя да старой царквы. Зеляніна палыну, быццам кранутая марозам, горка і сумна ліла свой пах у вокны белых палат.
Горава адышла ўбок разам з завучам, і ўпершыню за дзень поруч з Андрэем апынулася Марыя.
Яны стаялі трохі наўздалёк ад усіх: Марыя, Андрэй і, кроках у чатырох, Яніс, расчулены Рублёвым ледзь не да ўздыханняў сардэчных.
Марыя глядзела на Грынкевіча прыжмуранымі халоднымі, як лязо брытвы, вачыма. Перавяла позірк на Яніса. Зноў на Андрэя.
Адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта зусім недарэчнае, Андрэй усміхнуўся ёй.
— Кінь глупствы, — сказаў ён, — давай мірыцца, ці што?
Яна хмыкнула:
— Брыдка глядзець на вас. Завіхаецеея каля… гэтай, як два кабялькі. Ні сораму, ні гонару. А ўжо яна над вамі панствуе. Дарвалася.
Андрэй раптам адчуў, што нейкая гарачая хваля кінулася яму ў твар. Ён ведаў, што за гэтым прыйдзе выбух несамавітага, страшэннага гневу, такога, які ён перажыў за ўсё жыццё разы тры, і таму баяўся. Ён хацеў устрымацца, але не мог. Мора чырвонага святла ўстала ў вачах.
— Ты… ты, — глухім голасам сказаў ён і сарваўся на страшны шэпт, — не руш чалавека.
Быў ён жахлівым у гэту хвіліну. Жахлівым, як прадзед у баі пад Зверынам. Прарвалася-такі старая кроў.
— Не руш яе!!!
На іх азірнуліся, убачылі ўстрывожаны твар Яніса, збялелы ад жаху твар жанчыны.
Ускінула насцярожаныя вочы Горава.
Але Андрэй, адчуўшы, што яшчэ адна хвіліна і здарыцца непапраўнае, ужо бег да ўвахода ў царкву, за рог палаца.
Дзіўна, але ўсе, хто наглядаў за гэтай сцэнай, падумалі, што ён крычаў на Яніса.
…Знайшлі Андрэя толькі хвілін праз дзесяць. Ён сядзеў у царкве, што амаль напалову ўрасла ў зямлю, сціскаў кулакамі скроні.
Горава ўзяла яго за плячо, падвяла Вайвадса:
— Ну што за дурыкi. Адразу ж мiрыцеся.
Андрэй паспеў ужо прыйсці да свайго заўсёднага добразычлівага настрою:
— Мы не сварыліся.
Усе падумалі, што гэта гонар, але настойваць не сталі.
Андрэй агледзеў вачыма сяброў і пабачыў, што Марыі сярод іх не было.
Гэта было лепей. Ён не мог зараз бачыць яе.
Экскурсія ішла пад арку брамы, і Андрэй ішоў наперадзе, спіной адчуваючы позірк жанчыны. Ён ведаў, позірк гэты дапытлівы і пільны.
Галубінае пяро павольна, бы ў водавароце, падала перад Андрэем на высокую, густа-зялёную траву. Ён падставіў руку і злавіў яго, сціснуў у пальцах. I раптоўна яму здалося, што пяро гэтае нябачна, але моцна звязала яго з закінутай вёскай, з сумам і цішынёю белых палат.
У вузкім акне — ён зноў пачаў летуценнічаць наяву — мільгануў перад ім падазрона вялікі твар, чырвоны, наліты крывёю твар ягонага цёзкі, князя. I потым ужо ўсё, аб чым расказвала Горава, жывымі карцінамі ўставала ў яго вачах.
Ад базедавай хваробы ў Багалюбскага былі шалёныя і ярасныя вочы, ад уроджанай акасцянеласці шыйных пазванкоў — ганарлівая пасадка галавы. Ён не мог яе апусціць, а калі трэба было, — ён нахіляў яе разам з тулавам, як воўк.
Таму яго з дзяцінства лічылі ганарліўцам, і ён сам звык лічыць сябе такім, і жорсткасць ягоная стала пачэ меры цярпення чалавечага. Ад маці-палаўчанкі ягоныя дзікія вочы мелі косы разрэз, і ён сумаваў па стэпах, дзе імчаць шалёным намётам гарбаносыя дзікія коні. Але ён закілзаў сэрца, таму што быў уладаром. Толькі ханская жорсткасць прыжывалася паўсюль, і таму нават тут пачалі ламаць хрыбты. I ён не прыдбаў сабе сяброў вялікім і мудрым жыццём.
Яны ішлі пераходамі палаца, і Андрэй бачыў трапяткі агонь паходні і чалавека з барвяным тварам, з папярочнай, узбухлай жылай на лобе, які з нечалавечай сілай адбіваўся ад шасцёх змоўшчыкаў, узброеных дзідамі і мячамі, раскідваў іх і рыкаў, як паранены леў. А яны зноў і зноў кідаліся на яго, шматавалі, цягнуліся за ім па падлозе.
Вось вырваўся, бяжыць, кідаюцца па скляпеннях, размаляваных травамі, калматыя цені. Сплываючы крывёй, ён бяжыць, і ногі заносяць яго ў бакі, як п'янага. Наперадзе ўратаванне, але ён страціў сілы і розум, свісцячае дыханне вырываецца з яго вуснаў, ногі яго ведаюць толькі, што ўніз бегчы лягчэй, і ён збочвае, бяжыць па вінтавых каменных сходах. Праз вузкія вокны ў шырокіх нішах, чаргуючыся з пыльнай цемрай, слізгоча па яго твары святло зорак. З інстынктам зайца, які хоча схаваць галаву, чалавек шукае нары.