Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Астатнія тым часам адплылі рыбаліць. Андрэй застаўся ля дзядзькі адзін.
— Юшка, брат, будзе першы гатунак. Нават Трыфанавіч (ён сказаў іначай) будзе задаволены.
Андрэй маўчаў. Гэта не было галоўным. Галоўным было тое, што на свеце жыла яна.
"А Алёна? — варухнулася думка. — Што ж Алёна, — адказаў другі голас, — была б жывая, кахаў бы яе. А зараз нічога не зробіш…"
Але ўсё ж яму стала сорамна. Асабліва чамусьці перад Іванам Столічам. Быццам ён, Андрэй, здрадзіў нечаму вялікаму, што яны кляліся любіць, знайшоў святло, у той час, як у бацькі няма, і яшчэ і не можа быць суцяшэння.
Юшку з'елі з насалодай… Пасля гэтага дзядзька застаўся ля маторкі, а астатнія паплылі па плыні. Дзядзька павінен быў дагнаць іх пасля. Андрэю не было чаго рабіць, і ён сказаў дзядзьку, што пойдзе да Кручаў пехтурою і там пачакае ўсіх.
Ісці трэба было праз лес. Андрэй натрапіў на глухую лясную рачулку.
Чорная, з зялёнымі адценнямі, як пяро качкі, яна змяілася паміж карчоў, варушыла павесмамі водарасцяў, быццам хтось у вадзе павольна часаў зялёны лён. Чырвоныя мухаморы гдядзеліся ў чорны лак вады.
Андрэй перайшоў раку па аксамітным бервяне і лёг у пульхны зялёны мох. Ён не баяўся змей, ён цяпер наогул нічога не баяўся. Калі ў сэрцы небасхіл, — чалавек не можа памерці. Яго нельга забіць. Смерці няма. Яе выдумалі. Яе зусім не будзе.
Радасць ахапіла ўсю істоту Андрэя. Радасць з той прычыны, што ён малады, здаровы, што вакол яго родная зямля, што зрынутыя дрэвы ляжаць поруч з ім, жывым, што ён кахае.
Дрэвы варушылі галінамі над яго галавой.
…I потым, калі ён стаяў на кручы, пад буслянкай, шум дрэў зноў падпяваў ягоным думкам.
Ён стаяў на адхоне, і магілы кладоў былі ззаду, а наперадзе была далячынь, адкуль ляцеў вецер толькі для таго, каб устрапаць яму чуб.
Бусляняты спрабавалі лётаць. Яны нязграбна плавалі ў вячэрнім аранжавым ззянні, дыбалі нагамі ў паветры, плылі над ракой, над светам, які цяпер зноў належаў яму.
Андрэй не бачыў, што Іван Століч, сышоўшы на бераг, ускараскаўся на строму і стаіць непадалёку, разумнымі вачыма разглядаючы пададзеную наперад, імпэтную постаць хлопца. Ён страпянуўся толькі тады, калі рука Івана апусцілася яму на плячо.
— Што з табою, сынок?
I з той вышэйшай праніклівасцю, якою адрозніваюцца людзі, што многа пакутавалі, спытаў:
— Зразумеў, што кахаеш кагось?
— Здаецца, так, бацька, — проста адказау Андрэй.
Століч павесіў попельна-сівую галаву.
— Прабачце, — сказаў Андрэй.
— Чаго ўжо там… Ты добры хлопец, Андрэй. Ты і так памятаў вельмі доўга. Усё мае канец. Прорвы і тыя заплываюць. Прыйшоў і твой час.
— Бацька, — сказаў Андрэй, — я не вінаваты.
— Ніхто не вінаваты. Ні я, ні мая бедная дзяўчынка, ні тая, твая… А ты вінаваты менш за ўсіх… Добрая хоць жанчьша?
— Вельмі.
— Добра. Толькі вось аб чым я прашу цябе. Не забывай мяне. Наведвай… з ёю. Ты знаеш, усё маё жыццё — гэта была Алёна. I ты застаўся для мяне часткай яе. Апошняй часткай.
— Я не забуду… дзядзька Іван. Гэтага не забываюць.
— Ну добра… "Ныня адпушчаешы"… Бывай шчаслівы, сын.
I ён пайшоў унiз да чаўна. Пайшоў ненатуральна прамы, вiдавочна iмкнучыся не хiлiцца пад цяжарам забыцця, таго, якое парушыла апошнюю сувязь яго Алёны з зямлёй.
Грынкевiч успомнiў мiнулае. Ён прымусiў сябе ўспомнiць яго. Але ўспамiн не мучыў.
— Мір табе, Алёнка, — ціха сказаў ён, — даруй мне.
Прыцемкі заснавалі зямлю. Чырвоны шчыт месяца выплыў за ракой. I ў паўзмроку ўсё яшчэ чуліся ўсхлёпы крылаў, пошчак буславых дзюб і віск.
Пад вялізным месяцам чынілася справа жыцця: буслы рыхтаваліся ў вечна новы палёт.
Р а з д з е л X
Яе не было ў Маскве ўвесь верасень. Кожны дзень Андрэй прыходзіў у знаёмы будынак з надзеяй яшчэ да таго, як пачуе голас, нейкім шостым пачуццём, усёй істотай адчуць, што яна тут. I кожны раз нясцерпным было расчараванне: пусты дом, пустыя калідоры, пустая аўдыторыя.
I галоўнае, няма адказу на дасланую кнігу.
Ніколі яшчэ чаканне не было такім вострым. Нават потым. Ён проста прагнуў хутчэй пабачыць маленькую постаць з жоўтым партфелем у руцэ. А постаці не было і не было.
Андрэй неяк вiдавочна падзiчэў. Нават Янiс здаваўся яму зараз занадта шумлiвым. Хацелася цiшынi. I ён палюбiў Архангельскае. Не Архангельскае экскурсiённых дзён, а Архангельскае будняў, калi пачынаюць падаць лiсты i парк журботна скiдае сваю прыгажосць.
Дзіўна, але ў гэтым бясконцым роздуме нават каханне яго зрабілася слабейшым. Ён радзей думаў аб ёй, менш бачыў яе ў сне. Ён не ведаў, што каханне проста зайшло ўглыбіню, што чалавек заўжды ідзе на такую бессвядомую маскіроўку пачуццяў, калі каханага доўга няма поруч, што чалавек супраціўляецца дарэмнаму раскіданню кахання або нянавісці.
А Масква была ў тую восень, як назнарок, нечувана прыгожай, пакорліва-мяккай. Паркі спакойна аддаваліся зазімкам. З кожыым днём меншала сонца на вуліцах і большала затое ў садах. Падмаскоўе мякка гудзела электрычкамі ў сумна-прыбраных, прасторных гаях. А глыбокай ноччу ў парках паміралі пад белай пудрай намаразі вялікія кветкі апошніх вяргінь. Малыя кветкі вяргінь яшчэ трымаліся і сяк-так зносілі начную шэрань і дзённыя дажджы.
І вось аднойчы ён, падымаючыся па сходах, адчуў, што нешта змянілася. Нешта было не так. У самім паветры, у мурах будынка, ва ўласным сэрцы.
Ён зайшоў у калідор, назнарок не заглядаючы ў канцылярыю. Назнарок спіною да дзвярэй пайшоў да вешалкі. Ён ведаў: яна сядзіць у крэсле ля акна. На ёй неадменна кофтачка жаўтаватага колеру і цёмная, званочкам, спадніца. Але нешта яшчэ павінна было быць, чужое, іншае, тое, чаго не было.
Па дарозе Андрэй зірнуў у расклад заняткаў, нічога ў ім не пабачыў, акрамя чорных радкоў, і нарэшце зайшоў у пакой.
Яна сапраўды была там, сапраўды сядзела ў крэсле, сапраўды была апранута так, як яму ўяўлялася. I сапраўды было ў яе абліччы нешта чужое. Ён нават не адразу заўважыў, Ага, замест вузла валасоў — іншае. Валасы сабраныя пад патыліцай у завіты… хвост ці што? Андрэй не ведаў, як гэта завецца. Але яму гэта не спадабалася. Гэта было таксама вельмі прыгожа, але неяк знішчала асноўную прыгажосць яе аблічча: выраз высокай разумнай чысціні.
Дарэчы кажучы, ён потым паспрабаваў гадзіны дзве паўтараць сам сабе: "Не трэба гэтага, патрэбен стары вузел, ён робіць вас высакароднай, падобнай на старажытную грачанку". I сапраўды, у наступны раз яна з'явілася са старым вузлом. Магчыма, праўда, што яна заўважыла чыйсьці насцярожаны позірк і зразумела, што старая прычоска ей больш да твару.
Але гэта было потым, а зараз Андрэй быў уражаны, і гэта адабрала ў яго рэшткі разважлівасці і смеласці. Толькі тут ён адчуў, што ён дурань, што каханне нікуды не ўцякло, што яно проста было ў засадзе і зараз возьме яго без бою.
Пакутліва адчуваючы ўласную дурнаватую ўсмешку, адчуваючы, што ўся кроў кінулася яму ў твар, ён падышоў да Галіны Іванаўны і зрабіў чарговае глупства: пацалаваў ёй руку. Немагчыма ж, немагчыма было цалаваць руку той, другой. I тады ён склаўся амаль напалам (крэсла было нізкім) і паціснуў вузкую руку з тонкімі пальцамі:
— Дзень добры.
— Дзень добры, Андрэй. Я атрымала вашу кнігу. Але мяне не было ў Маскве.
Андрэй ведаў, што гэта няпраўда. Але гэта было ўсё адно. Яна магла рабіць усё. Яна была вышэй усяго такога.
— Ну і як? — задаў ён дурное пытанне.
— Пагаворым пасля, — сказала. яна.
Грынкевіч ведаў: тон яго і выгляд не належаць да лепшых. Хутчэй да горшых. Ён усё разумеў, і ў гэтым была ягоная кара.
Ён сустракаўся з многімі, ён меў вопыт, ён ведаў жанчын (у той меры, у якой гэта, наогул, даступна мужчынам). Але тых ён не кахаў. Перад сапраўдным каханнем мужчына — безабаронны.
I тады ён вырашыў проста сядзець і маўчацы Слухаць і прызвычайвацца. Гэта дало пэўныя вынікі, як любіў гаварыць стараста курса. Але Андрэй з жахам адчуваў, што яму ўсё горш і горш. Знікла некуды таварыская вольнасць у размовах, жахлівей за ўсё здавалася падысці і сказаць пару простых слоў. Ён бачыў часам, што яна кідае на яго неўразумелыя позіркі, але нічога не мог з сабою зрабіць.