Змагарныя дарогi
Але не ў вадным беларускiм раёне выявiлi латышы ў 1941- 1944 гадах сваю адданасьць гiтлераўскiм спэцам злачынаў. Толькi нямыя сьцены менскага ўнiвэрсытэцкага гарадка, замененага ў часе вайны на гэстапаўскую катоўню, ды склепы менскае вязьнiцы змаглi-б пасьветчыць аб бязьмежным садызьме латыскага адзьдзелу СД, што ў ваднэй групе з бальшавiцкiмi агентамi душыў найлепшых патрыётаў беларускага народу. Калi сяньня, прыгадваючы злачыны гэтых вылюдкаў, даводзiцца шкадаваць, што няма мiж жывых сьветак апошнiх хвiлiн жыцьця вялiкага мучанiка - ксяндза Вiнцэнта Гадлеўскага, то ў канчатковым падсумаваньнi якая-ж нам з таго пацеха, што ахвярная кроў беларускiх патрыётаў мяшалася ў адным рэчышчы са здраднiцкай крывёй слугаў Сталiна?
ЛЕТУВIСЫ
Летувiскiя збройныя адзьдзелы, такiя-ж паводле свайго прызначаньня карныя, як i раней прыгаданыя зь iншых нацыянальнасьцяў, у найбольшай меры выявiлi сябе па суседзтву з домам, значыцца. перадусiм у акупаванай з ласкi самых-жа галоўных акупантаў Вiльнi й прылеглых раёнах Вiленшчыны. Ясна, што летувiсы, згодна з загадамi запраўдных гаспадароў, пад час выкананьня "службова-патрыятычных" абавязкаў зусiм чулiся гаспадарамi i ў iншых мясцох Беларусi, улiчваючы ня толькi тыя тэрыторыi, якiя сяньня некаторыя летувiсы навет у эмiграцыi скваплiва ўлучаюць (мусiць, цi не на аснове iхняе "праўды" аб гiстарычнай мiнуўшчыне Летувы) у межы сваёй дзяржавы.
УКРАIНЦЫ
Памiнаючы надта-ж ужо далёкую, самую, можна сказаць, сiвую i першапачатную гiстарычную мiнуўшчыну, калi беларускiя князi, ня могучы мiрна ўстанавiць межаў з украiнскiмi княствамi, загадвалi сваiм воям шпурляць пiкамi й адбiвацца шчытамi цi то ў вабароне, цi ў наступе, Бог так наканаваў, што на працягу доўгiх стагодзьдзяў беларускi вязень i нявольнiк бразджэў ланцугамi побач зьняволенага ўкраiнца. Ня дзiва тады, што назоўнiк "брат" у вуснах беларуса здабыў сабе вельмi пачэснае месца побач назоўнiка "украiнец", калi беларус так цi йнакш дзе-небудзь жадае падкрэсьлiць даўно iснуючую й больш навет чым традыцыйную ўжо прыязьнь мiж двума народамi. Так-жа сама й з такой-жа дозай людзкой шчырасьцi наш нацыянальна-сьведамы сусед з паўдня памiнае, падкрэсьлiваючы сваю прыязьнь, жыхара з-над Нёмна, Дзьвiны, Дняпра цi Сожа.
Калi-ж аўтару гэтых радкоў даводзiцца цяпер у лiк тых, што так бязьлiтасна й без найменшага зразуменьня зусiм сьлепа iрвалi кускамi цела нашага народу, улучыць i ймя ўкраiнскiх злачынцаў, дык не таму, каб, успамiнаючы гэтта гiстарычны факт, зьменшыць сярод нашых родзiчаў цi сярод украiнцаў сьведамасьць вялiкае вартасьцi акропленага ахвярнаю крывёю вялiкага капiталу супольнага змаганьня з супольнымi ворагамi ў мiнуласьцi. Непараўнальна шмат больш добрага, чым благога, вяжа беларусаў з украiнцамi й наадварот. Толькi люнатык мог бы даводзiць адваротнае.
Адылi, калi беларус з ваколiцаў Вялiкiх Лукаў, Меншчыны цi якога iншага раёну Беларусi ўспамiнае, што ўкраiнскiя палiцыйныя адзьдзелы дарылi нашае няшчаснае сельскае насельнiцтва не зразуменьнем i прыязьню, а агнём i кулямётным сьвiнцом ды ў акцыi не рабiлi розьнiцы мiж сталiнскiмi злачынцамi й нявiннымi жыхарамi, дык у iмя гiстарычнае праўды, цi хаця-б мiнiмальнае аб'ектыўнасьцi гэтага анiяк нельга тут прамаўчаць.
Няма сумлеву, што ў той час яшчэ толькi разбуральнiкi старой (але гучна ахрысьцiўшыя сябе ўжо будаўнiкамi "новай") Эўропы, фашыстоўскiя злачынцы з Бэрлiну, навет у раньнi час вайны маглi мець дваякiя думкi адносна трапнасьцi ацэны магутнасьцi свайго мiлiтарнага патэнцыялу. Чаму-ж тады ня мелi яны прымянiць у жыцьцё ўжо так уцёртай i выгаднай ды выпрактыкаванай аксiёмы аб забiцьцi адным стрэлам двух зайцаў?
Гiтлераўцы чхалi на тое, дасканала ведаючы, што акцыя ўкраiнскiх палiцыйных адзьдзелаў у Беларусi падважывавала й разбурала вялiкi манумэнт адвечнай дружбы мiж суседнiмi народамi. Iм трэба была грызьня, братабойства, супольная i ўсеагульная разьня й нянавiсьць, каб зьняможаныя ў супольным кровапралiцьцi, спакораныя, зьвязаныя ланцугамi няволi, маглi быць запрэжаныя гэтыя народы ў мулкае ўдушлiвае ярмо тэўтонскага Малоха. А ў той гарачы час заменены ўкраiнцам на пазафрантавой службе жаўнер гiтлераўскага Райху мог заткнуць цi адну шчылiну на асноўным усходнiм фронце?
ВУГОРЦЫ
Вугорскiя карныя адзьдзелы, што, згодна з апавяданьнямi вачавiдцаў, ня толькi ня ўступалi, але часта сваёй прымiтыўнай лютасьцяй i безагляднасьцяй перавышалi шмат iншых чужых карных адзьдзелаў, далiся ў знакi найбольш насельнiцтву Случчыны й Мазыршчыны.
БЕЛАРУСКIЯ ЗБРОЙНЫЯ АДЗЬДЗЕЛЫ
ДАПАМОЖНАЯ ПАЛIЦЫЯ
Беларускi народ калi гаварыў аб палiцыi, то з асаблiвым нясмакам, з агiдаю вымаўляў слова "чорная" (ад чорнай палiцыйнай вопраткi). Пад "чорнай" разумеў ня толькi колер вопраткi, але ўсё самае, можна сказаць, нячыстае, здраднiцкае, хвальшывае, чужое, варожае. Чаму-ж так сталася?
Улетку 1941 года нямецкая армiя здабыла такую блiскучую перамогу над бальшавiкамi, што атрымала амаль даслоўны пераварот у галаве. Гiтлераўцам здалося, што няма на Ўсходзе такой сiлы, якая магла-б iх перамагчы, а таму, ясна, можна зусiм ня лiчыцца й з жыхарствам занятых земляў. Для акупацыi Беларусi была паклiканая палiцыя, адылi яе было замала. Нямецкiя палiцыйныя камэнданты "гэбiтаў" (акругаў) пачалi набор у гэтак званую Дапаможную Палiцыю зь мясцовага жыхарства. Рабiлi яны гэта на прынцыпе добраахвотнага найму й на сваю руку, бязь нiякага паразуменьня цi то зь мясцовымi арганiзацыямi, цi аўтарытэтнымi асобамi зь беларускага актыву.
У Заходняй Беларусi, як мы ўжо вышэй прыгадвалi, проста масава кiнулiся ў палiцыю палякi. Стваралася ўражаньне, што рабiлася гэта зь нейчага загаду. Мiж палякаў было шмат падафiцэраў i наагул людзей, што ведалi вайсковую справу ды часьценька й нямецкую мову. Маса зь iх пiсалася "фольксдойчамi". Хутка яны сталiся перакладчыкамi, улезьлi ў давер гэбiтс-камэндантаў палiцыi, а стаўшыся iхнымi дараднiкамi, фактычна праводзiлi ў жыцьцё палiтыку экстэрмiнацыi беларусаў. У Дапаможную Палiцыю трапiла таксама нямала розных ападкаў грамадзтва, крымiнальнiкаў, агулам гаворачы, рознага элемэнту, што пранюхаў магчымасьцi рабункаў i нажываў за кошт мясцовага насельнiцтва.