У моры (на белорусском языке)
Надвячоркам Жавэль-малодшы паклiкаў прыяцеляў i паказаў iм чорныя плямы, брыдкую адзнаку гнiення на той частцы рукi, якая ўжо ледзь трымалася.
Пазiраючы на iх, рыбакi выказвалi свае думкi.
- Напэўна-такi, вогнiк, - меркаваў адзiн.
- Мо трэба б яе салёнай вадой, - прапанаваў Другi.
Прынеслi салёнай вады i палiлi рану. Паранены ўвесь збялеў, заскрыгатаў зубамi, скурчыўся, але не закрычаў.
Калi пякота сцiхла, ён сказаў брату: "Дай нож".
Той падаў.
- Трымай мне руку на вiсу, выпрастай, так, цяпер цягнi.
Усё было зроблена, як ён прасiў.
Тады ён сам узяўся рэзаць. Ён рэзаў пацiху, з развагай, адцiнаючы астатнiя жылы вострым, як галец, лязом; нарэшце ад рукi засталася адна кукса. Ён глыбока ўздыхнуў i прамовiў:
- Так было трэба. Усё роўна ўжо ёй быў гамон.
Мяркуючы па ўсiм, яму палегчала, ён дыхаў цяпер вальней. I зноў пачаў палiваць ваду на абсечаны кавалак, якi застаўся замест рукi.
Ноч здарылася лiхая, i падысцi да берага па-ранейшаму было немагчыма.
Калi развiднела, Жавэль-малодшы ўзяў сваю адцятую руку i доўга яе разглядаў. Праявы гнiення былi вiдавочныя. Прыяцелi таксама падышлi паглядзець, перадавалi яе адзiн аднаму, мацалi, круцiлi, нюхалi.
Брат сказаў:
- Ну, усё, трэба выкiнуць яе ў мора.
Але Жавэль-малодшы незалюбiў:
- Э, ну не! Ну ўжо не! Не дам! Тут ужо мне вырашаць - цi не? - рука мая!
Ён узяў руку i паклаў яе памiж ног.
- Усё роўна ж яна згнiе, - сказаў старэйшы.
Тады параненаму прыйшла iдэя. Каб захаваць рыбу падчас доўгiх вандраванняў у моры, яе кладуць у бочкi з соллю. Ён спытаўся:
- А што, калi яе пакласцi ў лёк?
- Але, праўда, - згадзiлiся астатнiя.
Адну з бочак, ужо поўную ўловам апошнiх дзён, апаражнiлi i на самае дно паклалi руку. Зверху яе засыпалi соллю, а потым адну за адной заклалi рыбу назад.
Адзiн з матросаў пажартаваў:
- Толькi не прадаць бы яе на кiрмашы.
Усе засмяялiся, маўчалi толькi два Жавэлi.
Вецер дзьмуў гэтак жа моцна. I яны зноў лавiравалi непадалёку ад Булонi сама да дзесятай гадзiны наступнага дня. Паранены бесперастанку абмываў рану вадой.
Час ад часу ён уставаў i пачынаў хадзiць туды-сюды па судне.
Стоячы каля стырна, яго брат сачыў за iм i моўчкi кiваў галавой.
Нарэшце яны ўвайшлi ў порт.
Лекар агледзеў рану i сказаў, што справа iдзе на папраўку. Ён наклаў глухую павязку i прызначыў адпачынак. Але Жавэль не захацеў легчы ў ложак, не забраўшы сваёй рукi, i паспяшаўся ў порт, каб знайсцi бочку, якую пазначыў крыжам.
Пры iм бочка была вывернута, i ён зноў завалодаў кавалкам свайго цела, якi добра захаваўся ў лёку, зморшчыўся, пасвяжэў. Ён загарнуў руку ў сурвэтку, якую прынёс наўмысна, i пайшоў дадому.
Жонка i дзецi доўгi час разглядалi адсечаную бацькаву руку, мацалi пальцы, вымалi з-пад пазногцяў драбiнкi солi; потым паклiкалi сталяра, каб той зрабiў невялiчкую дамавiну.
Назаўтра на пахаваннi адцятай рукi прысутнiчаў увесь экiпаж траўлера. На чале жалобнай працэсii поплеч iшлi два браты. Парафiяльны дзяк нёс пад пахай труну з нябожчыкам.
Плаваць Жавэль-малодшы перастаў. Ён атрымаў невялiкую пасаду ў порце i, калi пазней расказваў пра гэтае здарэнне, цiхутка прызнаваўся свайму слухачу:
- Каб мой брат згадзiўся перарэзаць той канат, далiбог, у мяне б i цяпер была рука. Але ён занадта тросся над сваiм скарбам.