Як красназорцы зямлi сцуралiся
Але вось скончылася вайна, i пачалi нашы хлопцы варочацца з Чырвонай Армii. А ведама, што салдат — то не баба. Перш за ўсё яны паўлазiлi, бач — мы iх павыбiралi ў сельсавет, у валасны савет. А там i пайшло ўсё iначыцца. Пачалi гаiцца балючыя нашы болькi. От так струп за струпам i пачаў злазiць з нашага цела. У фурманках парадак увялi, зямлю нанава памеркавалi, з падаткамi стала менш непаразуменняў. Адным словам, пачалi дбаць. Вартаўнiка сабе выпатрабавалi. Адчынiлi школку тут у адной хаце. Газеты пачалi атрымлiваць. Пачалi мы варушыцца.
Але ж цяжка, патом, жылося. Усё на хлеб, калi што прыдабыць. А тут яго i заобмаль. Вось гэта неяк раз настаўнiк, як мы ўсё бедавалi, што ярына хiбiла, вазьмi ды i падай нам думку пра iнакшае вядзенне гаспадаркi, вазьмi дый прачытай нам кнiжачку, як мужыкi вядуць хаджайства. А мы i ўхвацiся за тую думку. Але ж як тут прыступiцца. На ўсё, бач, трэба сродкi. Давай гэта мы абгаварваць ды распытваць, дык i даведалiся, адкуль iх узяць i якiм чынам на дарогу ўзбiцца.
Вось мы i залажылi сельскагаспадарчае таварыства. Злажылiся i перш-наперш адчынiлi краму, каб замест таго, што пераплачваць розным гандлярам, хаваць гэтую пераплату ў сябе ды скарыстаць на паляпшэннi ўсякiя. А таксама i сваё што, калi выгадна, дык выгадней збыць. А тут нам горад дапамог — плугоў, барон, наогул сiх-тых гаспадарскiх прылад напавер даў. Насення добрага дасталi. Ды нам параiлi папару не пускаць, а засяваць канюшынаю. Ось так гэта памаленечку i пачалi ўзбiвацца на ногi.
З свайго таварыства мы i не разбiралi ўсяго, а так згаварылiся карыстацца за невялiкую плату. Пры гэтым жа ўтварылi камiтэт узаемадапамогi. Тут таксама злажылiся, каб было пра чорны дзень. Мала што можа здарыцца. Але галоўным чынам мы даручылi камiтэту наглядаць, каб ва ўсiх была аброблена i засеяна зямля. А дзеля гэтага ён вёў парадак — то таму, то другому загадае, каб каня даў, каб сам пайшоў памог, — але больш за ўсё дык сам камiтэт рабiў прыклад.
Ось так за год, другi дык i прывыклi, каб гэта пра ўсё абгаварваць (а мы кожную нядзелю збiралiся ў школу, там у нас было ўсё) ды гуртам i рабiць свае справы. А тым часам вачавiдкi ўсяго i прыбываць стала i перайначвацца.
Наша таварыства з камiтэтам завялi супольную гаспадарку. Узялi ды ўзадралi выган дый засеялi. Парасло жыта лепшае, як ва ўсiх. Вось мы гэта паглядзелi дый згаварылiся — апроч пяцi гаспадароў — усё поле абрабляць супольна. Бач, i палеткi льга зрабiць большыя, ды з машынаю льга праехацца, а таварыства наша к таму часу ўжо i прыдбала жняярку ды двухлямешных плугоў са тры, цi што; дык з таго часу i пайшла гаворка, што красназорцы зямлi сцуралiся. А мы не то сцуралiся, а яшчэ мацней да яе прытулiлiся.
— Дык вось яно як у вас, а я думаў, што i сапраўды адцуралiся ды куды выехалi, цi што, як мне тая баба нагаварыла, — загаварыў я i запытаўся: — А калi ж гэта вы пазабудоўвалiся гэтак?
— А вось за гэтыя ўсё ж гады. Скора, як стала савецкая ўлада, мы дзерава дасталi. А цяпер памаленьку i будуемся… Ну, я ўжо злезу: мне трэба вось гэтаю дарожкаю. Гэта ж вось было балота, а гуртам ужо асушылi, цяпер хоць з канём едзь.
— То бывай здароў, - адазваўся я i заматаў пугаю, а сам сабе падумаў: «Вось як мужыкi адцурваюцца зямлi». I ўспомнiлiся словы нябожчыка Мiхаля: «А розум хоць цiха, памаленечку, ды ўсё расце i паднiмаецца на ногi сярод мужыкоў».
Дык ось, браткi, i смякайце ды самi на дарогу выбiвайцеся!
1922 г.