Казкi (на белорусском языке)
- О вялiкi чарадзей, што з таго, што ты вярнуў мне палац, калi ад смеху, да якога ты давёў мяне, давядзецца сёння ж легчы ў магiлу?
Тут пачуўся страшэнны шум, таму што з палаца выбеглi ўсе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць царыц i пачалi прарэзлiва крычаць, i верашчаць, i клiкаць сваiх малых дзяцей. Яны беглi па мармуровай лесвiцы, што вяла ўнiз ад фантанаў, - сто жанчын на кожнай прыступцы.
Наймудрэйшая Балкiда велiчна выйшла наперад, сустрэла iх i сказала:
- Чаго гэта вы так перапужалiся, царыцы?
А яны стаялi на мармуровай лесвiцы - сто жанчын на кожнай прыступцы - i крычалi:
- Чаго мы перапужалiся? Ды гэта кожнаму зразумела! Бо мы жылi сабе пажывалi ў сваiм залатым палацы, i раптам наш палац знiкае немаведама куды, i мы трапляем у апраметную цемру, i над намi ляскае пярун, i Джыны i Афрыты шныпараць у цемры! Вось чаго мы перапужалiся, о царыца царыц, i мы неймаверна перапуджаны нашым перапудам, бо гэта сама страшэнны перапуд з усiх перапудаў, якiя давялося нам перажыць за ўсё наша жыццё.
Тады Балкiда, Найпрыгажэйшая царыца, сама любiмая з усiх жонак Сулеймана-iбн-Дауда, амаль гэтакая ж прамудрая, як сам Сулейман-iбн-Дауд, сказала:
- Нiчога асаблiвага не здарылася, о царыцы. Проста Матылёк паскардзiўся на сваю жонку, якая сварылася з iм, а Сулейману-iбн-Дауду захацелася навучыць яе лагодзе i пакорлiвасцi, ветлiвасцi i сцiпласцi, бо гэта лiчыцца добрымi якасцямi сярод жонак матылькоў.
I тады эгiпецкая царыца, дачка фараона, сказала:
- Наш палац нельга вырваць з коранем, як цыбулiну, для якой-небудзь нiкчэмнай казяўкi. Не! Сулейман-iбн-Дауд, мусiбыць, ужо сканаў, i зямля скаланулася ад гора, i ляснуў пярун, i на зямлю апусцiлася цемра.
Тады Балкiда, не ўзнiмаючы вачэй, павабiла да сябе пальцам гэтую непачцiвую царыцу i сказала ёй ды i ўсiм астатнiм:
- Вы можаце пайсцi i паглядзець.
Яны спусцiлiся па мармуровай лесвiцы шырокiмi шэрагамi - у кожным шэрагу была сотня царыц - i пад камфорным дрэвам убачылi прамудрага цара Сулеймана-iбн-Дауда, якi ўсё яшчэ знемагаў ад смеху. Цар сядзеў i кiваўся ўзад-уперад, i на адной руцэ ў яго была Матылiха, а на другой Матылёк. I царыцы пачулi, як ён кажа:
- О жонка майго брата, якi лятае па паветры, запомнi з гэтага часу i навекi, што ты павiнна дагаджаць свайму мужу ва ўсiм, iнакш ён раззлуецца i тупне нагою зноў, бо ён вялiкi чарадзей i вядзьмар i можа, калi яму прыйдзе ў галаву, выкрасцi палац у самога Сулеймана-iбн-Дауда... Дык жывiце ў згодзе вы абое.
Ён пацалаваў у iх крыльцы, i яны паляцелi прэч.
Тады ўсе царыцы, якiя дагэтуль усё яшчэ стаялi i ўсмiхалiся, усе, апроч Прыгожай i Цудоўнай Балкiды, павалiлiся нiцма, бо яны сказалi самi сабе: "Калi творыцца такое з-за таго, што Матылёк незадаволены сваёю жонкаю, дык што ж будзе з намi, калi мы дакучаем свайму валадару крыкамi i шалёнымi сваркамi?"
I яны накiнулi на галаву празрыстыя тканiны i, затулiўшы сабе далонямi рот, цiха, як мышы, вярнулiся да сябе ў палац.
Тады Балкiда, Найпрыгажэйшая i Цудоўная, выйшла з зараснiку пунсовых лiлеяў пад засень камфорнага дрэва, паклала руку на плячо Сулейману-iбн-Дауду i сказала:
- О пане мой, скарб душы маёй, радуйся, бо мы далi ўсiм гэтым царыцам Эгiпта, Эфiопii, Персii, Iндыi, Кiтая добрую навуку, якую яны запомняць назаўсёды.
I Сулейман-iбн-Дауд, усё яшчэ пазiраючы на матылькоў, што пырхалi-забаўлялiся ў промнях сонца, спытаў:
- О мая панi, найдаражэйшы камень маёй радасцi, калi ж гэта здарылася? Бо як толькi я зайшоў у сад, я ўзяўся жартаваць з Матылька.
I ён расказаў Балкiдзе ўсё, што ён рабiў у той час.
I Балкiда, ласкавая, мiлая Балкiда, сказала:
- О пане мой, валадар жыцця майго! Я схавалася за камфорным дрэвам i бачыла ўсё на свае вочы. Гэта я параiла Матылiсе, каб яна прымусiла Матылька тупнуць, бо я спадзявалася, што мой валадар дзеля жарту зробiць нейкае дзiва, якое напалохае царыц.
I яна расказала яму ўсё, што падумалi, убачылi i сказалi царыцы.
Тады Сулейман-iбн-Дауд устаў пад камфорным дрэвам, выставiў рукi i з весялосцю на сэрцы сказаў:
- О панi мая, асалода дзён маiх, ведай, што калi б я са злосцi або з пыхi скарыстаў у дачыненнi да царыц сваю чарадзейную сiлу, я мог бы асарамацiцца зноў, як асарамацiўся тады, калi наладзiў банкет для звяроў усяго свету. Але дзякуючы тваёй мудрасцi я пачаў чараваць дзеля жарту, каб трошкi памагчы Матыльку, i - бачыш - гэта выратавала мяне ад надакучлiвых маiх жонак. Дык растлумач мне, о панi мая, асяродак сэрца майго, як жа ты дасягнула такой мудрасцi?
I царыца Балкiда, прыгожая, велiчная, станiстая, зiрнула Сулейману-iбн-Дауду ў вочы, схiлiла, як Матылёк, сваю галаву набок i адказала:
- Па-першае, о пане мой, таму што я кахаю цябе; а па-другое, о пане мой, таму што я ведаю, што такое сварлiвыя жонкi.
I яны пайшлi ў палац i жылi шчаслiва да канца дзён сваiх.
Балкiда зрабiла ўсё з розумам, хiба не праўда?
РЫКI-ЦIКI-ТАВI
Гэта - апавяданне пра вялiкую вайну, якую адзiн на адзiн вёў Рыкi-Цiкi-Тавi ў ванным пакоi вялiкага дома ў пасёлку Сiгаулi.
Дарзi, птушка-кравец, дапамагала яму, i Чучундра, мускусная пацучыха тая, што нiколi не выбежыць на сярэдзiну пакоя, а ўсё крадзецца пры самай сцяне, - давала яму парады. Але па-сапраўднаму ваяваў ён адзiн.
Рыкi-Цiкi-Тавi быў мангуст*.
* Мангуст - парода пацукоў, пашыраная ў Iндыi. Мускусны пацук вядзецца галоўным чынам у Паўночнай Амерыцы.
I хвост i шэрсць былi ў яго, як у маленькага катка, а галава i ўсе звычкi - як у ласачкi. Вочы ў яго былi ружовыя, i кончык яго непакойлiвага носа таксама быў ружовы. Рыкi мог пачасацца, дзе надумае - усё роўна якой лапкай: цi пярэдняй, цi задняй. I так мог ён распушыць свой хвост, што хвост рабiўся падобны на круглую даўгую шчотку. I яго баявы клiч, калi ён iмчаўся ў высокiх травах, быў рыкi цiкi -цiкi -цiкi -чк!
Ён жыў з бацькам i з маткай у вузкай лагчыне. Але аднаго разу ўлетку пачалася паводка, i вада панесла яго ўздоўж прыдарожнай канавы. Ён брыкаўся i варочаўся як мог. Нарэшце яму ўдалося ўзабрацца на купку травы, што праплывала мiма, i там ён трымаўся датуль, пакуль не страцiў прытомнасць. Ачуняў ён на гарачым прыпёку ў садзе, пасярод дарожкi, увесь замурзаны, а нейкi хлопчык у гэты час сказаў:
- Мёртвы мангуст! Давай пахаваем яго!
- Не, - сказала хлопчыку мацi. - Возьмем мы яго ды абсушым. А можа, ён яшчэ жывы.