Планета прывiдаў (на белорусском языке)
- Добрай ранiцы! Як адпачывалi?! - пачалi незнаёмцы.
- Дзякуй! - адказаў Iсаеў. - Мы б хацелi выказаць некалькi сваiх пажаданняў...
Незнаёмцы быццам не пачулi гэтага. Яны запыталiся:
- А чаму вы не дакранулiся да яды? Не спадабалася?
- Вось гэта першая наша просьба: нам неабходна часова вярнуцца на наш карабель, дзе ў герметычным адсеку зможам зняць шлемы i прыняць яду. Там жа мы маглi б закласцi па плiтцы ежы i вады ў спецыяльныя прыстасаваннi ў шлемах, што дазволiць нам доўга абыходзiцца без карабля.
- Баюся, што гэта немагчыма, -адказаў адзiн з увайшоўшых.
- Тады, - рашуча заявiў Iсаеў, - нам пагражае галодная смерць!
- А вы здымiце шлемы i ешце! - хмыкнуў незнаёмец.
- Гэта будзе азначаць для нас тую ж смерць! I вы гэта добра ведаеце! рэзка адказаў Iсаеў.
- Добра, - сказаў перагаворшчык, - мы зробiм даклад начальству. Якiя яшчэ пажаданнi?
- Спадзяёмся, што мы не палонныя i будзем мець магчымасць азнаёмiцца з вашай планетай...
"Чорныя касцюмы" рашуча выйшлi, грукнуўшы дзвярыма, - вiдаць, другое пажаданне не спадабалася iм больш, чым першае.
Iван чуў гэта слова ў слова, хоць i знаходзiўся ў другiм будынку. Таму, калi да яго зайшлi вiзiцёры, ён прытрымлiваўся думкi свайго камандзiра...
Галоўны, пасля даклада яму аб кантактах з зямлянамi, насупiўся:
- Ужо другiя суткi, як яны на нашай планеце i яшчэ не прымалi ежу... А мне яны пакуль патрэбны жывымi... З iх шмат чаго карыснага для сябе можна выцягнуць...
Пахадзiўшы па кабiнеце, Галоўны сказаў прысутным:
- Прыйдзецца везцi iх на карабель... Лепей, як сцямнее. Трэба, каб менш цiкаўных вачэй бачыла iх...
Наперадзе быў цэлы дзень, i астранаўты засумавалi. Хацелася есцi, але цяпер, калi гаспадары амаль не хавалi сваёй варожасцi, здымаць шлемы i касцюмы было б вялiкай памылкай.
Днём распачаўся такi лiвень, што за вокнамi зрабiлася цёмна, як i на душы зямлян.
- Як пратрымацца гэты месяц? - спытаўся Iван у Iсаева. - I цi пратрымаемся ўвогуле?
- Будзем спадзявацца, што давядзецца чакаць менш месяца... Ды справа i не ў гэтым, - сумна разважаў Iсаеў, - складанасць у другiм: як без сувязi з iмi звязацца, як да iх дабрацца? Не падобна на тое, што нас павязуць на карабель, што нам дадуць свабоду...
Iсаеў памаўчаў i дадаў:
- Я маю на ўвазе, што не дадуць свабоду добраахвотна... Баюся, што прымяненне сiлы з нашага боку непазбежна.
- А што застаецца рабiць? - пытаннем падтрымаў сябра Iван.
- Пажывём - пабачым... Не ў iхнiх гэта iнтарэсах, ды i не ў нашых таксама... Пабачым...
Вечарам лiвень перастаў, пакiнуўшы пасля сябе процьму вады ў кожнай лагчыне.
Калi сцямнела, Iсаева i Iвана вывелi з iх пакояў, пасадзiлi ў тыя ж машыны,i картэж накiраваўся да касмiчнага карабля.
Як нi старалiся кiраўнiкi гэтай маленькай планеты захоўваць завесу сакрэтнасцi, але слых аб касмiчных падарожнiках даляцеў да кожнага жыхара, i людзi, нягледзячы на жорсткiя забароны сваiх уладароў, збiралiся паглядзець на цуд.
Чым блiжэй было да касмiчнага карабля, тым большыя натоўпы людзей можна было бачыць у святле фар уздоўж дарогi. Але картэж хутка iмчаў, рассякаючы коламi вялiзныя лужыны i аблiваючы з галавы да ног i ахову, i цiкаўнiкаў.
I ўсё ж да самага карабля даехаць не ўдалося - лiвень размыў узгоркi i палi, сярод якiх стаяў карабель, ператварыўшы iх у гразь.
Прыйшлося вылазiць з машын, што не было запланавана, i ў цемры, пры цьмяных лiхтарах, кратацца пешшу, ледзь выцягваючы ногi з гразi.
Лiхтары ў руках аховы выхоплiвалi з цемры шматлiкiх камуфляжнiкаў i простых людзей, якiя з неверагоднай цiкаўнасцю цiснулiся да працэсii. Было вiдаць, як тыя ж камуфляжнiкi спрытна арудуюць гумовымi дубiнкамi, адганяючы людзей, але пабiтыя корчылiся ад болю i працягвалi жывымi хвалямi кацiцца ўздоўж усяго шляху працэсii.
Калi карабель быў ужо зусiм блiзка, нехта, карыстаючыся цемрай i штурханiнай, рашуча працiснуўся, нават прадраўся праз ахову i нешта сунуў у руку Iвану. Ахова палiчыла гэту дзёрзкасць за жаданне дакрануцца да чужынца i груба адштурхнула нахабнiка ў гразь, паласнуўшы некалькi разоў па плячах i галаве гумовым мясцовым "законам".
Падышоўшы да карабля, Iсаеў набраў умоўны код на мiнi-кампутары свайго касцюма, i першыя дзверы паслухмяна адчынiлiся.
- Куды?! - груба адштурхнула ахова астранаўтаў. - Толькi з намi! I толькi пасля нас! - i некалькi чалавек увайшлi ў першы адсек.
- Падрыхтуй сiстэму абароны! - скамандаваў шэптам Iсаеў. - Вiдаць, надышоў час зброi!
- Ну што застылi! Заходзьце! - i некалькi аўтаматаў штурхнулi ў плечы зямлян.
Iсаеў рэзка крутнуўся i накiравана, прыцэльна, каб не пашкодзiць людзей, прывёў у дзеянне паралiзатар.
Якое ж было яго здзiўленне, калi пад моцнымi патокамi выпраменьванняў камуфляжнiкi працягвалi iх штурхаць аўтаматамi ў плечы i грудзi.
Iван, бачачы такi нечаканы эфект iх зброi, з перапуду цiскануў на ўсе магчымасцi абодвух мiнi-блокаў-рэактараў i накiраваў знiшчальныя промнi на тых, хто заняў першы адсек, каб расчысцiць праход усярэдзiну карабля. Уся моц абодвух блокаў нябачным шквалам абрынулася на захопнiкаў касмiчнага карабля. Але можна было падумаць, што магутная зброя, здольная iмгненна знiшчыць тысячы людзей, сапсавалася i не дзейнiчае. I толькi лазерныя промнi пранiзвалi цемру i пацвярджалi, што сiстэма абароны дзейнiчае бездакорна. Лазерныя промнi пранiзвалi не толькi цемру, але i няпрошаных гасцей у адсеку карабля.
Сухiн "палiваў" промнямi ўзброеных аскалаўцаў i вачам не верыў. Лазер пранiзваў iх наскрозь, бiўся аб спецыяльную абшыўку адсека i асляпляльнымi iскрамi адскокваў ва ўсе бакi.
- Ха-ха-ха-ха! - пачулася працяглае рагатанне з адсека. - Заходзьце ў свой карабель i бярыце яду, а то здохнеце з голаду, як прыблудныя сабакi! Жыва!
Астранаўтаў запiхнулi ў адсек, дзе, падпёртыя з усiх бакоў аўтаматамi, яны набралi новы код i праз герметычны люк увайшлi разам з пiльнымi ахоўнiкамi ў карабель.
Iсаеў цiха загадаў Iвану:
- Iдзём у бок катапульты! Па маёй камандзе хуценька заскокваем i iмгненна заблакiруем люк!
Каб не выклiкаць падазронасцi, астранаўты паволi падыходзiлi да катапульцiруючай капсулы, супакойваючы сваiх вартавых:
- Мы прайгралi! Ваша ўзяла... Мы ўсё зробiм, што вы загадаеце...
- Даўно б так! - расслабiлася ахова, смакуючы сваю перамогу.