Планета прывiдаў (на белорусском языке)
Параўняўшыся з задраеным люкам катапульты, Iсаеў скамандаваў:
- Увага! - i нацiснуў на сваiм мiнi-кампутары на адпаведны клавiш. Люк бясшумна i нечакана расчынiўся, астранаўты натрэнiравана i спрытна ўскочылi ў капсулу, i люк зноў стаў на сваё месца.
- Без яды, затое свабодныя! - усклiкнуў усхваляваны Iван.
- I з ядой, i свабодныя! - удакладнiў Iсаеў. - У капсуле ёсць аварыйны запас i таго, i другога!
- Уперад? - спытаўся шчаслiвы Iван.
- Уперад! - пацвердзiў спакойны Iсаеў i нацiснуў на "старт".
Катапультная капсула была задумана як аварыйны выхад з карабля. Капсула мела адпаведны рэсурс аўтаномнага лёту, якi забяспечвалi магутныя батарэi, яна мела герметычную абалонку i ўяўляла сабой мiнi-карабель.
Цемра i бязгучнасць лёту капсулы дазволiлi астранаўтам непрыкметна аддзялiцца ад карабля i растаць у вышынi.
Раз'юшаныя ахоўнiкi, баючыся за свае галовы, усiмi сродкамi спрабавалi выламаць люк, упэўненыя, што iх ахвяры знаходзяцца за iм, схаваўшыся ад праследавання.
У ход iшлi прыклады аўтаматаў, з'явiлiся аднекуль ламы i кувалды, але лягчэй было б бiцца галавой у сцяну, чым выламаць гэты люк, за якiм ужо нiкога не было.
А астранаўты тым часам, каб не "засвяцiцца", не запальвалi ўнутранага асвятлення i абмiналi святло населеных пунктаў.
Зберагаючы рэсурс батарэй, яны выбралi цёмную пустэчу i пасадзiлi свой выратавальны апарат.
- Вiншую! - сказаў Iсаеў. - Мы нечакана лёгка пазбавiлiся ад нашых "благадзецеляў".
- Ху-у-х! - толькi i выдыхнуў Iван.
- Ну што, здымем шлемы i як след падсiлкуемся! - прапанаваў камандзiр пакiнутага назаўсёды карабля.
Толькi цяпер Iван заўважыў, што жывот падцягнула да спiны.
- Ого! Я магу праз жывот пачухаць свой пазванок! - пажартаваў Iван i бадзёра дадаў: - Ёсць падсiлкавацца!
Праглынуўшы некалькi вiтамiнных гранулаў i выслабанiўшы ад "палону" крышталiк вады, астранаўты паспрабавалi прааналiзаваць вынiкi гэтых двух сутак.
- Што гэта за лад такi? Што тут за парадкi? - абураўся Iван.
- Хутчэй гэта - беспарадкi! - адказаў Iсаеў. - Я, як i ты, не гiсторык, але прыпамiнаю са школьнай праграмы, што напрыканцы дваццатага i да сярэдзiны дваццаць першага стагоддзяў i на Зямлi iснавалi рэжымы, дзе дыктат падмяняў i законы, i ўсе правы людзей. Нешта падобнае назiраецца i тут...
- А мы чым не дагадзiлi гэтым... уладарам?! - здзiвiўся Iван.
- Мая памылка! - прызнаўся Iсаеў. - Не трэба было пры першай сустрэчы вытыркаць нашы дасягненнi i свабоды! Думаю, што гэта галоўная прычына нашай апалы... Дыктатары такога не даруюць...
Iван схамянуўся:
- А што такое з нашай зброяй?! Чаму яна не закранула гэтых... нячысцiкаў?
Iсаеў ажывiўся:
- I сапраўды, чаму? Гэта падобна на дурны сон! Лазер праходзiў праз iхняе цела, як праз паветра... Што гэта за загадка?..
- А яны не такiя ўжо i дапатопныя, калi на такую зброю нават не звярнулi ўвагi, - разважаў услых Iван.
Тут ён успомнiў, як адважны незнаёмец нешта сунуў яму ў руку i Iван, не маючы магчымасцi разгледзець падарунак, паклаў тое "нешта" ў бакавую кiшэню касцюма.
Цяпер ён асцярожна дастаў з кiшэнi нечаканую рэч i ў цемры абмацаў i зразумеў, што гэта кавалак паперы.
- Iлля Iванавiч! - насцярожана пачаў Iван. - Тут вось нешта падобнае на запiску, якую мне ткнуў у руку незнаёмец з натоўпу!
- Запiска! - ажно падскочыў Iсаеў. - Нам зараз кожная дробязь неабходная i важная! Мы засталiся адны на чужой, невядомай планеце! Уключы лiхтарык i чытай!
Iван з нецярпеннем, дрыготкiмi пальцамi расклаў паперу i запалiў лiхтарык. Было напiсана наступнае: "Пяцьдзесят кiламетраў на поўнач ад касмiчнага карабля. Тры дубы на беразе рэчкi. Сем кiламетраў улева да адзiнокай скалы на ўскраi лесу. Буду чакаць кожны дзень - захад сонца".
- Усё! - спынiўся Iван.
- I ўсё? - машынальна перапытаў Iсаеў.
- Так. Нi подпiсу, нiчога, - пацвердзiў Iван.
Iсаеў ажывiўся:
- Што ж... i гэта нямала! Нехта хоча сустрэцца з намi.
- А не пастка гэта? - недаверлiва спытаўся Iван. - Iм тут даверу няма...
- Не думаю, - няўпэўнена адказаў Iсаеў. - А цяпер мы навучаныя i будзем праяўляць асцярожнасць... А па-другое, у нас няма выбару, ды i дакладнага адказу нi на адно пытанне мы не маем. Рызыкнём, а там будзе бачна...
* * *
Рызыкнуць i сапраўды прыйшлося, бо, каб праляцець гэты нескладаны маршрут i адшукаць патрэбныя арыенцiры, трэба было ўзлятаць, а гарантыi, што iх не заўважаць, не было.
Каб паменшыць рызыку, узляцелi перад самым захадам сонца, калi ўжо не зусiм светла i яшчэ не надта цёмна. Адлiчылi прыборамi пяцьдзесят кiламетраў на поўнач, адразу ўбачылi тры дубы на беразе рэчкi, крутнулi ўлева i праз хвiлiну былi над скалой, якая прыляпiлася на ўскраi ляснога масiву. Месца было даволi глухое, пагоркавае. Завiснуўшы над абазначаным арыенцiрам, астранаўты пiльна даследавалi наваколле, але нiчога падазронага не знайшлi i пасадзiлi капсулу. Сонца садзiлася за лес, пачынала цямнець, але нiхто пра сябе не напамiнаў.
- Пачакаем яшчэ крыху i адляцiм, тут начаваць не будзем! - сказаў Iсаеў напружана.
Iван нервова маўчаў. Прайшло яшчэ некалькi часу, а сустрэча з пасланцом запiскi зацягвалася.
Нарэшце, нечакана для зямлян, побач з капсулай неяк загадкава апынуўся незнаёмец.
Гэта быў гадоў трыццацi пяцi чалавек з прыветлiвым тварам i крэпкай постаццю. Ён даверлiва ўсмiхаўся i не ўяўляў сабой нiякай небяспекi для двух зямлян.
- Ага! - вырвалася ў Iсаева. - Вось i наш... будзем спадзявацца, сябар.
- Ну што, выходзiм? - спытаўся Iван.
- Спачатку выйдзеш толькi ты i даведаешся, што ў яго за справа да нас, а я цябе падстрахую, - загадаў Iсаеў.
- Я дык я! - i Iван адчынiў свой герметычны выхад. Лёгка выскачыўшы з капсулы, навуковец гэтак жа лёгка падышоў да незнаёмца.
Той першы працягнуў руку для вiтання i, не перастаючы ўсмiхацца, сказаў:
- Я - ваш сябар! Маё iмя Алесь, без мяне вам будзе цяжка разабрацца, куды вы трапiлi.
Iван пацiснуў руку новаму знаёмаму i, назваўшы сваё iмя, спытаўся:
- А чаму мы павiнны верыць, што вы нам сябар, а не гэткi ж, як тыя камуфляжнiкi?
Алесь адказаў нечакана i пераканаўча:
- Гэта я паслаў сiгнал ва Ўсяленную, якi, як я разумею, вы атрымалi i прыляцелi сюды.
Iван шырока раскрыў вочы. Падзеi апошнiх сутак адсунулi на другi план эмоцыi, выклiканыя таямнiчым сiгналам. Пра яго проста не думалi.